Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Архив новостей

01.09.2017

Дзень беларускага пісьменства

Дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання нашай краіны.

Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.

У 1994 годзе ўпершыню святочныя мерапрыемствы адбыліся ў старажытным горадзе Полацку. Затым сталіцамі свята сталі такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі.

У рамках свята ўдзельнікі і госці могуць азнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Таксама па традыцыі на Дні беларускага пісьменства праходзіць узнагароджанне пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычная канферэнцыя і шэраг іншых мерапрыемстваў.

2–3 верасня 2017 года святкаванне Дня беларускага пісьменства адбудзецца ў Полацку. У ім прымуць удзел літаратары з дзесяці краін свету: Расіі, Украіны, Малдовы, Азербайджана, Казахстана, Узбекістана, Літвы, Польшчы, Сербіі, Францыі.

У мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства будуць таксама ўдзельнічаць больш за 100 літаратараў з усёй Беларусі. 2 верасня госці свята збяруцца на пасяджэнні міжнароднага круглага стала «Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сусветным гуманітарным прасторы», прысвечаным 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Тэмай абмеркавання стане культурная спадчына Беларусі.

За дзень да гэтага, 1 верасня, будуць гучаць словы пажаданняў літаратараў юным беларусам. У гэтым годзе ў Полацку ва ўрачыстай лінейцы «Мы ганаровае імя Скарыны нясём», прысвечанай Дню ведаў, прымуць удзел чытальнікі, фіналісты рэспубліканскага творчага конкурсу «Жывая класіка». Перад дзецьмі выступяць вядомыя майстры слова Міхаіл Пазнякоў, Навум Гальпяровіч, Алена Стэльмах. Пасля гэтага ў падарожжа па святочным горадзе дзяцей запросіць Ганаровы грамадзянін Полацка Навум Гальпяровіч.

Як адзначыла Алена Стэльмах, фінал конкурсу «Жывая класіка», які пройдзе ў полацкім гарадскім Палацы культуры 2 верасня, абяцае быць цікавым і яркім. Больш за 13 тысяч школьнікаў прынялі ўдзел у творчым спаборніцтве. У Полацку стануць вядомыя імёны лепшых чытальнікаў. Пераможцаў конкурсу Міністэрства адукацыі заахвоціць пуцёўкамі ў аздараўленчы лагер «Зубраня».

Важнай падзеяй святочнай праграмы 2 верасня стане цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Імёны лепшых беларускіх аўтараў за кнігі, выдадзеныя ў 2016 годзе, журы вызначыла ў сямі намінацыях: «Проза», «Паэзія», «Драматургія», «Літаратурная крытыка і літаратуразнаўства», «Публіцыстыка», «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва», «Лепшы дэбют».

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец уручыць кіраўніцтву Полацка бібліятэку твораў сучасных беларускіх аўтараў.

Саюз пісьменнікаў Беларусі таксама прадставіць літаратурна-музычную праграму «Як на свет нарадзіўся Янка» па матывах рок-оперы «Курган», у стварэнні якой удзельнічаў вядомы паэт Андрэй Скарынкін.

На галоўнай сцэне выступяць беларускія паэты, члены пісьменніцкага саюза. Да іх далучацца артысты, музыканты. Майстры мастацкага слова прадставяць літаратурна-музычную кампазіцыю «Пісьменнікі – землякам».

На працягу двух дзён каля гарадскога фантана будзе працаваць творчая пляцоўка «Слова пісьменніка». Кожнае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі рыхтуе забаўляльна-пазнавальныя праграмы. Сярод найбольш актыўных – вядомыя літаратары Мікалай Чарняўскі, Уладзімір Мазго, Таццяна Дземідовіч, Анатоль Аўруцін, Сяргей Давідовіч, Наталля Касцючэнка, Валянціна Паліканіна, Іван Юркін і інш.

На пляцоўцы «Слова пісьменніка» прагучаць узнёслыя вершы і бардаўскія песні, пройдуць аўтограф-сесіі, падчас якіх можна будзе набыць кнігі, атрымаць аўтографы, пагутарыць.

У Полацку таксама адбудзецца прэзентацыя аўдыядыска з лепшымі творамі конкурсу «Душой Скарыны ўзлашчанае слова», які праводзіў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Творы агучаны галасамі вядомых акцёраў.